На тэрыторыі Вялейскага раёна захавалася досыць шмат помнікаў, звязаных з язычніцкімі (паганскімі) вераваннямі. Некаторыя з іх ушаноўваліся насельніцтвам не толькі ў старажытнасці або сярэднявеччы, але і да нашага часу.
Гарадзішча жалезнага веку са штрыхаванай керамікай маецца каля в. Рэчкі. Раскопкі яго ўпершыню праводзіліся ў сярэдзіне ХІХ ст.[1] Пад культурным пластам на пляцоўцы гарадзішча была выяўлена “каланада”, складзеная з асадкавых парод. Падземны ход у тоўшчы гэтай пароды прасочваецца і зараз каля падножжа гарадзішча. Верагодна, што такія хады ці пустоты прыроднага паходжання выкарыстоўваліся яшчэ насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі ў культавых мэтах.
У многіх мясцінах раёна маюцца разнастайныя культавыя камяні. Адной з разнавіднасцяў іх з’яўляюцца камяні-следавікі. Такі камень вядомы за 0,5 км на паўночны ўсход ад в. Вайдзені Нарачанскага сельсавета на правым беразе р. Нарачанкі. Выемка на валуне нагадвае след чалавечай нагі, скіраваны на паўднёвы захад. Даўжыня следа – 20 см, шырыня – да 7,5 см, глыбіня – каля 2 см, пасярэдзіне ён выпуклы.
У двух месцах маюцца камяні з ямкамі на паверхні. Валун з плоскай паверхняй, на якой шмат паўсферычных ямак дыяметрам 5,0–6,6 см і глыбінёй 1 – 2 см размешчаны за 0,5–0,6 км на ўсход ад в. Канстанполле Нарачанскага сельсавета. Камень амаль даверху ўросшы ў зямлю, даўжыня яго – 3,35 м, максімальная шырыня – да 2,55 м, вышыня над зямлёй з паўночнага боку каля 0,45 м, а з поўдня паверхня амаль зліваецца з зямлёй. Валун звужаецца ў паўднёва-усходні бок, выцягнуты па лініі паўночны захад – паўднёвы ўсход. Згодна мясцоваму паданню, каля каменя закапана золата. Другі валун з ямкамі знаходзіцца за 0,5 км на захад ад в. Мішуты Нарачанскага сельсавета, ля мяжы са Смаргонскім раёнам. На верхняй пляцоўцы каменя выбіта каля 80 паўсферычных ямак дыяметрам 7–8 см і глыбінёй 2–5 см. Даўжыня валуна – 4,5 м, шырыня каля 3 м, вышыня над паверхняй зямлі – каля 1,5 м. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў гэты камень надта часта б’е пярун.
Валуны незвычайнай формы часам лічылі скамянелымі жывёлінамі, асабліва быкамі ці валамі. 6 камянёў, вышынёй ад 0,6 м да 0,8 м, шырынёй 0,55–0,95 м і таўшчынёй 0,1–0,2 м маюцца за 1,5 км на захад ад в. Сцебіракі Любанскага сельсавета, у хваёвым лесе. Згодна мясцоваму паданню, гэта скамянелыя араты і яго валы. Камяні стаяць па лініі поўнач-поўдзень, уверсе звужаныя і нагадваюць надмагіллі. На іх пярэдніх, паўднёвых гранях выбіты крыжыкі і выявы рагоў або рытонаў. Расказваюць, што каля камянёў неаднаразова спрабавалі капаць, але на невялікай глыбіні пачыналася вада. Валун, які называюць “каменным валом”, ляжыць на паўднёвы ўсход ад в. Кузьмічы Любанскага сельсавета, каля паўднёвага рогу вясковых могілак, па левы бок дарогі Кузьмічы–Куранец. Камень складзены з ружовага метамарфізаванага граніту, даўжыня яго 3,7 м, вышыня 1,4 м, абвод 9,0 м. Раней валун ляжаў за 0,2 км паўночна-усходней, а побач з ім другі. Большы валун закапалі меліяратары, а гэты перасунулі на цяперашнее месца. Існуе паданне, што хлопец араў у святочны дзень і за гэта ягоныя валы былі ператвораны ў камяні. Валун, які лічыцца ў народзе “скамянелымі валамі”, вядомы і каля в. Клесіна Касцяневіцкага сельсавета. Там з трох камянёў 2 былі падобныя на валоў і 1 – на чалавека. Лічылася, што гэта араты з двума валамі, ператвораныя ў камяні за ворыва на свята Барыса і Глеба[2]. Усяго на тэрыторыі Беларусі захавалася 10 валуноў пад назвамі “Вол” або “Валы” і 5 – пад назвай “Бык”. Гэтыя камяні варта звязваць з культам паганскага бога Вялеса, які лічыўся апекуном жывёлы, а само імя гэтага бога этамалагічна роднаснае са словам “вол”. Вялес у сістэме бінарных апазіцыяў як хтанічнае бажышча звязваўся з левымі, ніжнімі палюсамі (вільгаць – вада – холад). Сувязь вала з ніжнімі палюсамі бінарных апазіцыяў пацвярджаецца беларускімі загадкамі, дзе мароз параўноўваецца з валом: “Прыйшоў вол, выпіў вады дол”, “Адзін (сівы) вол выпіў вады дол”[3]. Згодна паданняў, Рагвалодаў камень каля в. Дзятлаўка Аршанскага раёна раней “стаяў на чатырох лапах, меў галаву і быў падобны на жывёлу” (г.зн. на вала або быка). Але яшчэ раней А.М.Афанасьеў звяртаў увагу на падабенства формулы надпісу на гэтым камяні і на амулетах-змеевіках (змей лічыўся адным з увасабленняў Вялеса).
Найбольшую ж вядомасць мае валун звонападобнай формы ў в. Камена Даўгінаўскага сельсавета. Паводле падання, у камень ператвораны араты за працу ў святочны дзень. На паверхні гэтага валуна маецца выява шасціканцовага крыжа і надпіс “ІС ХС”, “Ника”, “Воротишин хрьсм”, які паводле палеаграфічных асаблівасцяў датуецца першай трэццю ХІІ ст. Такім чынам, валун у в. Камена выявай крыжа і надпісам ХІІ ст. нагадвае Барысавы і Рагвалодавы камяні, якія ёсць падставы лічыць першапачаткова язычніцкімі сакральнымі аб’ектамі, прысвечанымі хтанічнаму бажышчу, і ў мэтах барацьбы з паганствам “хрысціянізаванымі” пры полацкіх князях Барысе і Рагвалодзе-Васілі.
У шэрагу мясцінаў Беларусі маюцца неапрацаваныя валуны, якія вядомы пад назвамі камянёў-краўцоў ці камянёў-шаўцоў. Згодна паданням, у кожным такім камені жыў змей ці чорт (часам чалавек), які вельмі добра і за невялікую плату шыў. Але часам агаворваецца, што пашытыя боты пажадана было абуваць на ігрышча, але толькі не ў царкву, бо там яны адразу распадаліся на дробныя кавалачкі (сведчанне сувязі шаўца з нячыстай сілай, г.зн. праціўнікам бога, а ў больш старажытныя часы – праціўнікам Перуна – Вялесам). Адзін камень-шавец ёсць і ў Вялейскім раёне, каля в. Куранец. Па паданню, раней жыў шавец Гомсін, які “ні ў ва што не верыў, не хадзіў у царкву”. За працу на Вялікдзень “з’явілася грозная хмара, лінуў дождж і ў той жа момант грымнуў гром у самую хату Гомсіна”. І хата, і шавец ад удару маланкі скамянелі. Лічыцца, што заўсёды ў гэты валун б’е Пярун.
Акрамя сакралізаваных камянёў, яшчэ з часоў язычніцтва ўшаноўваліся некаторыя крыніцы. За 1 км на паўднёвы захад ад в. Губы Рэчкаўскага сельсавета, у лесе каля падножжа ўзгорка выцякае святая крынічка, якая з’яўляецца вытокам рэчкі Мянтыні, прытока Вузлянкі. У крыніцы знаходзілі манеты ХІХ–ХХ ст.ст.
Паводле аднаго з паданняў, рэчка, выток якой быў каля в. Дзіракі (Горная) Касцяневіцкага сельсавета, перасохла пасля таго, як яе пракляла жанчына-чарадзейка (сын яе ўтапіўся ў гэтай рэчцы)[4]. Падобнае паданне ёсць пра выток рэчкі паблізу паганскага свяцілішча каля в. Верхаўляны Бераставіцкага раёна. Матыў прыкрытага чым-небудзь або праклятага, і таму перасохлага вытоку рэчкі вядомы і ў іншых мясцінах Беларусі. Звычайна прычынай лічыцца патанулае дзіця (найчасцей чараўніцы ці цыганкі). За гэта выток рэчкі затыкаюць, згодна фальклору, шчоткай або авечай воўнай, накрываюць чыгуннай юшкай ці патэльняй, каменем або проста праклінаюць – і ён часткова перасыхае ці зусім перастае цячы.
Прыблізна за 3 км на паўночны захад ад в. Арпа Касцяневіцкага сельсавета знаходзіцца ўрочышча Паганаўка (Паганішча). Як гаворыцца ў паданні, там ехала вяселле, спынілася, пачало танчыць і правалілася пад зямлю. Па іншаму паданню там стаяла царква, якая правалілася. Каля ўскрайку лесу там размешчана зараз зарослае па берагах кустамі маленькае азярко. Нярэдка паданні пра цэрквы і касцёлы, што праваліліся пад зямлю (патанулі), прымеркаваныя да месцаў размяшчэння паганскіх свяцілішчаў.
Літаратура:
1Корева А.К. Древности. //Труды Московского археологического общества. М., 1865 – 1867, т. 1. Материалы для археологического словаря. С. 65-67.
Dwunaste i trzynaste posiedzenie Wilenskiej archeologicznej komisyi. //Biblioteka Warszawska. Warszawa, 1858, t. 1. S. 482 – 485.
2Киркор А.К. Этнографический взгляд на Виленскую губернию. //Этнографический сборник, вып. 3. СПб, 1858. С. 180.
3Загадкі. //Беларуская народная творчасць. Мн., 1972. С. 236, 237.
4Легенды і паданні. //Беларуская народная творчасць. Мн., 1983. С. 655.
Эдвард Зайкоўскі
«Куфэрак Віленшчыны» № 1
http://vialejka.info/1658-sljady-paganskikh-veravanja-na-vlejjshchyne.html